21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
21.02.202321 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.
Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак! Ці хоць часам пра яе думай. Ведайце, сёння беларуская мова стала элітарнай, бо на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі: літаратары, мастакі, некаторыя дзеячы навукі.
Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку” або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.
21 лютага 2023 года ў школе адбылася акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”, па класах прайшлі інфармацыйныя гадзіны - вусны часопіс “Сэрцам роднага слова краніся…”, акцыя “Чытаем па-беларуску”, гульня-падарожжа “Ці ведаеш ты сваю мову?”.
Для педагагічных работнікаў прайшоў Гродзенскі абласны дыктант, прысвечаны Году гістарычнай памяці.